Беларусь

Што можа АБСЕ зрабіць у Беларусі?

Крыніца малюнка: N1 info

 

Шматлікія палітыкі і эксперты выказаліся за ўдзел Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) у вырашэнні крызісу ў Беларусі. АБСЕ - орган бяспекі, які ўключае 57 дзяржаў-удзельніц, у тым ліку ўсе краіны Еўропы, ЗША і Канаду. Ён кіруецца комплексным падыходам да бяспекі, які ахоплівае палітыка-ваенны, эканамічны, экалагічны і чалавечы аспекты. Эндру Брус (сузаснавальнік DRI) і Майкл Мэер-Рэсендэ (выканаўчы дырэктар), якія абодва працавалі ў АБСЕ ў мінулым, пералічваюць, што арганізацыя можа зрабіць у дадзенай сітуацыі.

  • Візіт у Беларусь старшыні АБСЕ. Албанія, якая ў дадзены момант старшынюе ў АБСЕ, ужо прапанавала гэты варыянт разам з Швецыяй, якая ўзначаліць арганізацыю ў 2021 годзе. На практыцы гэта будзе візіт міністраў замежных справаў дзвюх краінаў (Эдзі Рама, які займае пасаду міністра замежных справаў і прэм'ер-міністра Албаніі, і Ан Ліндэ з Швецыі). Такі візіт быў бы палітычным. Гэта быў бы толькі першы крок, і сам па сабе не ўяўляў спробы пасярэдніцтва альбо чагосьці падобнага. Міністры потым прадставяць справаздачу ўсім 57 дзяржавам-удзельніцам АБСЕ, а таксама могуць зрабіць публічную заяву. Калі беларускія ўлады прымуць прапанову, міністры паспрабуюць пагаварыць з усімі бакамі ў адпаведнасці з дыпламатычным пратаколам.

  • Абедзве краіны (Албанія і Швецыя)[1] могуць прапанаваць наступныя візіты, каб абмеркаваць далейшы шлях, але стандартнай практыкай было б прызначэнне спецыяльнага прадстаўніка (спецыяльнага пасланца і г.д.) з мандатам на сустрэчу з урадам і іншымі зацікаўленымі бакамі і вызначэнне крокаў для вырашэння крызісу. Яны таксама могуць паспрабаваць атрымаць запыт ад урада на прыём місіі па высвятленні фактаў / ацэнцы патрэбаў / місію экспертаў з пэўным мандатам.

  • Спецыяльны прадстаўнік дзеючага старшыні можа прапанаваць шэраг актыўных захадаў, уключаючы круглы стол або нацыянальны дыялог паміж прадстаўнікамі беларускага ўрада, грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі (Каардынацыйнай рады). Хоць гэта і не звычайная практыка для АБСЕ, гэта было б у рамках яе мандата па прадухіленні канфліктаў.[2] У адпаведнасці з мінулай практыкай, спецыяльны прадстаўнік, верагодна, будзе дамагацца згоды на правядзенне новых выбараў, якія, як мяркуецца, будуць прадугледжваць стварэнне ўніверсальнага выбарчага органа, які б карыстаўся даверам грамадства, дзеля стварэння ўмоваў для правядзення дэмакратычных выбараў. Пасля гэтага, Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) можа прадаставіць такому органу рэкамендацыі па рэфармаванні заканадаўчай і нарматыўнай базы, а потым арганізаваць назіранне за новымі выбарамі.[3] На любым этапе гэтага працэсу БДІПЧ можа таксама прапанаваць даслаць праваабарончую місію альбо місію па кантролі за судовымі працэсамі над удзельнікамі акцый пратэсту. БДІПЧ ажыццяўляў маніторынг шматлікіх выбараў у Беларусі, а таксама ў 2011 годзе праводзіў маніторынг судовых працэсаў. 19 жніўня Бюро выказала трывогу з нагоды ўзмацнення пагрозы правам чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў.

  • АБСЕ можа арганізаваць палявую місію / краінавы офіс з мандатам па прадухіленні канфліктаў / маніторынгу палітычнай сітуацыі і правоў чалавека. Аднак беларускія ўлады прыклалі вялікія намаганні, каб закрыць дзве папярэднія палявыя місіі Беларусі (офіс АБСЕ ў Мінску, які дзейнічаў з 2003 па 2011 год), і Кансультатыўна-назіральную групу АБСЕ, якая дзейнічала з 1998 па 2002 год), і наўрад ці яны пагодзяцца на гэта (таксама павінны пагадзіцца ўсе дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ).

  • АБСЕ таксама можа ініцыяваць "Маскоўскі механізм", дзякуючы якому дзяржава-ўдзельніца АБСЕ пры падтрымцы дзевяці іншых можа настойваць на стварэнні афіцыйнай місіі па высвятленні фактаў для расследавання сітуацыі ў дзяржаве-ўдзельніцы, калі яна занепакоена наяўнасцю сур'ёзных праблемаў з правамі чалавека. Калі дзяржава адмовіцца прыняць місію, яна можа працаваць з-за мяжы (як гэта ўжо адбывалася з беларускай місіяй Эмануэля Дэко ў 2011 годзе). Маскоўскі механізм - гэта палітычны інструмент, які патрабуе шмат часу на яго запуск і рэалізацыю.

  • АБСЕ складаецца з 57 дзяржаў-удзельніц (у тым ліку Беларусь, Расія, усе краіны ЕС, ЗША і Канада). Асноўныя рашэнні прымаюцца аднагалосна, але дзеючыя старшыні і яе ўстановы, у тым ліку БДІПЧ, маюць пэўныя магчымасці манеўру па прадастаўленні дапамогі дзяржавам-удзельніцам, але толькі па запрашэнні канкрэтнай дзяржавы.

Выснова: АБСЕ можа зрабіць шмат карыснага і можа стаць адным з элементаў стратэгіі прадухілення гвалтоўных канфліктаў і вяртання дэмакратыі ў Беларусь. Гэта было б асабліва актуальным, калі б урад (і Расія) вырашылі ўвайсці ў нейкую форму перамоваў у міжнародных рамках.

Брыфінг складзены Democracy Reporting International (Берлін). 25 жніўня 2020 г.

info@democracy-reporting.org

[1] Старшынства таксама можа працаваць у фармаце Тройкі, г.зн. з удзелам Славакіі, якая мела старшынства ў АБСЕ ў 2019 годзе.

[2] Пасярэдніцтва высокага ўзроўню з боку АБСЕ звычайна адбываецца ў канфліктах, у якіх удзельнічаюць некалькі дзяржаваў-удзельніц. АБСЕ таксама падтрымлівае пасрэдніцтва ва ўнутраных кантэкстах, але звычайна ў пэўных лакалізаваных канфліктах (напрыклад, у Паўднёвай Сербіі ці Срэбрэніцы / Босніі і Герцагавіне).

[3] У некалькіх выпадках АБСЕ сама арганізоўвала выбары (на мове АБСЕ гэта называецца "наглядам за правядзеннем выбараў"), але гэта малаверагодны варыянт для Беларусі, бо ён патрабуе шырокай прысутнасці і шырокага мандату. АБСЕ ажыццяўляла нагляд за правядзеннем выбараў у Босніі і Герцагавіне і Косава. Там, дзе АБСЕ кантралюе выбары, яна не назірае за імі, бо гэта будзе ўяўляць канфлікт інтарэсаў.

 

 

Назад